Структурныя падраздзяленні

Інфармацыйна-касавы цэнтр

У ліпені 2012 г. адкрылася яшчэ адно падраздзяленне музея-запаведніка “Нясвіж” – інфармацыйна -касавы цэнтр. Дадзеная служба створана для зручнасці гасцей горада – у цэнтры можна замовіць квіткі і экскурсійнае абслугоўванне для наведвання любога з сектароў музея-запаведніка. Таксама супрацоўнікі касавага цэнтра з радасцю дапамогуць Вам у выбары экскурсійнай праграмы і падзеляцца інфармацыяй аб культурна -масавых мерапрыемствах музея-запаведніка “Нясвіж”. Час працы: без выхадных з 9.00 да 18.00.

Сектар размешчаны па адрасе: г. Нясвіж, вул. Гейсіка, 1.
Тэл.: (01770) 20602, (01770) 20660; маб. тэл. +375 29 5518051, +375 29 1903149.

Сектар па навукова-экскурсійнай працы "Ратуша"

У 2004 г. завершаны рэстаўрацыйныя работы на помніку архітэктуры XVI – XVIII стст. – Нясвіжская ратуша. У інтэр'ерах 2-га паверха размясцілася стацыянарная экспазіцыя «Органы гарадского самакіравання г. Нясвіжа XVIII – першай паловы XIX стагоддзяў». Узноўлены: зала ўрачыстых пасяджэнняў, зала суда, скарбніца, кабінет войта. У памяшканні былой залы пасяджэнняў і магістрацкага архіва створаны экспазіцыйны комплекс, прысвечаны гісторыі горада, развіццю ў ім рамёстваў і гандлю. Акрамя дзеючай экспазіцыі ў “Ратушы” арганізоўваюцца розныя культурна-масавыя мерапрыемствы: тэатралізаваныя імпрэзы, прэзентацыі кніг, прэс-канферэнцыі, музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, лекторыі і кіналекторыі.

Сектар размешчаны па адрасе: г. Нясвіж, вул. Савецкая 3.

Сектар "Дзіцячы адукацыйны цэнтр"

На тэрыторыі нашага цэнтра размяшчаецца дзіцячае кафэ «Салодкая батлейка». Стыльны і ўтульны інтэр'ер кафэ, у якім размешчана музейная экспазіцыя дзіцячых старадаўніх цацак, не пакіне абыякавымі ні дзяцей, ні бацькоў.  Адукацыйная праграма цэнтра прапануе тры цыклы музейных заняткаў для наведвальнікаў розных узростаў: «Музей для маленькіх дзяцей» (праграма для вучняў 1-4 класаў), «Легенды Нясвіжа» (праграма для вучняў 5-8 класаў), «Радзівілы. Знакамітыя прадстаўнікі роду» (праграма для вучняў 9-11 класаў). у нашым цэнтры праходзяць разнастайныя святочныя праграмы ( «Зноў у школу», «Выпускны баль», «Зімовыя забавы» і многія іншыя), а таксама вы маеце магчымасць адсвяткаваць ваш дзень нараджэння ў музеі разам з князем і княгіняй Радзівіл.

Сектар размешчаны па адрасе: г. Нясвіж, вул. Савецкая 3(будынак Ратушы).


Сектар па навукова-экскурсійнай працы "Палацавы ансамбль"

У 2012 г. завершаны рэстаўрацыйныя работы на помніку архітэктуры XVI – XIX стст. – Палацава-паркавым ансамблі. У адноўленых карпусах: Бібліятэкі і архіва, Камяніцы, Арсенала, Палацавай часткі, Паўднёвай і Усходняй галерэй адкрыта стацыянарная экспазіцыя.Адноўлены інтэр'еры Каміннай, Малой сталовай, Бальнай, Зорнай, Залатой, Паляўнічай, Партрэтнай залаў, апартаментаў князя і княгіні, палацавай капліцы, арсенала, кухні, створаны экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі роду Радзівілаў, іх унёску ў тэатральна-музычнае мастацтва і інш. У цэлым, у палацавым комплексе праектам прадугледжана выкарыстанне часткі памяшканняў для прадстаўніцкіх мэт, магчымасці правядзення ў адрэстаўрыраваных залах канцэртаў камернай музыкі, выступленняў артыстаў, касцюмаваных баляў. Тут таксама знаходзіцца гасцініца з традыцыйным пералікам паслуг для турыстаў і рэстаран з кафэ.

Сектар размешчаны па адрасе: г. Нясвіж, Палацавы ансамбль.