Каляндар падзей:

1 кастрычніка 1686 г. Караль Станіслаў Радзівіл (нар. у 1669 г., VIII нясвіжскі ардынат з 1689 г.) атрымаў пасаду канюшага літоўскага. Гэты ўрад з’яўляўся адным са старэйшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Першыя згадкі аб ім датаваны 1398 г., калі гэту пасаду займаў Ян Няміра. Усяго на працягу XV – XVIII стст. вядомы імёны 32 канюшых літоўскіх. Сярод іх Хадкевічы, Чыжы, Сапегі і чацьвёра Радзівілаў. Караль Станіслаў быў першым прадстаўніком нясвіжскай лініі і другім прадстаўніком роду, пасля Багуслава Радзівіла, які займаў гэту пасаду. Першапачаткова ў абавязкі канюшага ўваходзіў нагляд за вялікакняжацкімі табунамі і стайнямі, але ў XVIIст. гэтым фактычна займаўся падканюшы. Урад канюшага стаў намінальным, які не вымагаў ніякіх абавязкаў, але дадаваў лішні радок у тытул. К. С. Радзівіл атрымаў гэту пасаду будучы за мяжой (падарожнічаў і выконваў дыпламатычныя даручэнні манарха) і заставаўся канюшым да 1690 г., калі быў авансаваны на падканцлера літоўскага. Пасля яго на гэтай пасадзе яшчэ знаходзіўся сын Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1728 – 1734) і стрыечны пляменнік Удальрык Крыштап (1734 – 1762).