Каляндар падзей:

15 (часам памылкова ўказваюць 25) кастрычніка 1579 г. за мужнасць, праяўленую падчас полацкай кампаніі, кароль Стэфан Баторый прызначыў Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіротку вялікім літоўскім маршалкам. Упершыню князь прыняў удзел у баявых дзеяннях у 1567 г. Праз дзесяць гадоў ён сфарміраваў за ўласны кошт харугву, разам з якой “стаяў на Дзвіне” каб не дапусціць пераправы войскаў Івана Жахлівага, якія рабавалі Інфлянты. У наступным годзе Радзівіл выехаў для лячэння за мяжу, а потым зноў з’явіўся ў каралеўскім лагеры пад Полацкам. Разам з братам Альбрыхтам ён выставіў атрад у 700 вершнікаў. Падчас аднаго з баёў Сіротка быў паранены ў твар (лоб і вока) драўляным адшчэпам, які адляцеў ад сцяны, але застаўся ў войску. У 1581 г. ён прымаў удзел у аблозе Пскова. На пасадзе вялікага маршалка – кіраўніка двара вялікага князя – Мікалай Крыштап знаходзіўся амаль сем гадоў. У 1586 г. ён адмовіўся ад маршалкоўства на карысць свайго брата Альбрыхта і атрымаў прывілей на пасаду троцкага кашталяна. Урад вялікага маршалка стаў вышэйшай дзяржаўнай пасадай, якую князь займаў у сваім жыцці.