Каляндар падзей:

2 кастрычніка 1413 г. у замку Гарадло на р. Заходні Буг была падпісана унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім, якая замацоўвала саюз двух дзяржаў і афармляла пануючае становішча каталіцызма ў ВКЛ. Таксама ў Гарадло 47 польскіх феадалаў перадалі 47 феадалам-католікам Вялікага Княства свае гербы і тым самым прынялі іх у сваё гербавае брацтва.Стараста ушпальскі Осцік атрымаў ад біскупа Мікалая Тромбы герб “Трубы” (тры паляўнічых ражка злучаных мундштукамі). Осцік (у каталіцтве Крысцін) належаў да найбольш уплывовых магнатаў ВКЛ. Ён меў некалькіх сыноў. Адзін з іх – Станька – працягнуў род Осцікавічаў, другі – Радзівіл – стаў заснавальнікам новай фаміліі. Калі род Осцікавічаў згас на пачатку XVII ст., то Радзівілам быў наканаваны іншы лёс. На працягу ўсёй гісторыі, яны выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць герб “Трубы”, атрыманы іх далёкім продкам у 1413 г. Яго выява неаднаразова сустракаецца і ў аздабленні інтэр’ераў Нясвіжскага палаца.