Каляндар падзей:

21 кастрычніка 1917 г. нарадзілася Эльжбета Радзівіл дачка XVI нясвіжскага ардыната Антонія Альбрыхта і Дароты Паркер Дэкан. У прыфрантавым Нясвіжы, як і ва ўсёй рэвалюцыйнай Расіі, у той час было неспакойна. Таму Альбрыхт павёз жонку ражаць у Лондан. Калі Эльжбета з’явілася на свет, бацька, запаўняючы дакументы аб нараджэнні, памылкова запісаў замест “Х” месяца “ХІ”, таму княгіня заўсёды мела два дні нараджэння – афіцыйны і сапраўдны. Праз некалькі месяцаў Радзівілы пакінулі Лондан. Дарота і Эльжбета пераехалі ў Парыж, Антоній вярнуўся на Беларусь. Неўзабаве князь развёўся з жонкай. Нягледзячы на гэта кожны год падчас летніх канікул Эльжбета прыязжала ў Нясвіж. Апошні раз яна была тут у 1935 г., а потым на пахаванні бацькі ў студзені 1936 г. У сталыя гады княгіня жыла ў Швейцарыі, Партугаліі, Англіі, Францыі, двойчы была замужам. На пытанне пра сваю дзейнасць яна адказвала: “У мяне адна прафесія – хатняя гаспадыня. Гэта ненармальна, калі жанчыны працуюць, значыць у сям’і не ўсё добра. Жанчыны, асабліва з дому Радзівілаў, не павінны хадзіць на працу”. На сённяшні момант Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская з’яўляецца старэйшым прадстаўніком рода. Бацькоўскія ўладанні пасля вайны яна наведвала некалькі разоў. Першы раз – у 1993 г., але большую вядомасць набыў другі візіт у суправаджэнні сваякоў – у маі 2009 г.