Каляндар падзей:

22 кастрычніка 1729 г. нарадзілася Ганна Людвіка Караліна Кунегунда Мыцельская. У 15 гадоў яна выйшла замуж за Леана Міхала Радзівіла, стражніка польнага, генерал-маёра арміі ВКЛ. У гэтым шлюбе нарадзілася чацьвёра дзяцей, але муж, які не вызначаўся моцным здароўем, памёр у Нясвіжы ў сакавіку 1751 г., не дажыўшы да 30 гадоў. Ганна, разам з дзецьмі, засталася пад апекай сваяка Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. У студзені 1754 г., праз нейкі час пасля аўдавення Рыбанькі, Ганна Мыцельская стала яго другой жонкай. Яна працягнула традыцыі папярэдніцы Францішкі Уршулі Вішнявецкай: удзельнічала разам з дзецьмі ў тэатральных пастаноўках, пісала польскамоўныя вершы, стварала песні і музыку да іх. За сваю дабрачыннасць і набажнасць у 1757 г. была ўзнагароджана імперскім ордэнам Зорнага Крыжа. Першапачаткова ў мачыхі не складваліся адносіны з прыёмным сынам Каралем Станіславам (Пане Каханку). Аднак пасля смерці бацькі яны змаглі паразумецца. Падчас палітычнай эміграцыі Караля Ганна Людвіка таксама пакінула краіну. Жыла ў Дрэздэне, Гданьску, Празе, Вене. Шукала дыпламатынай падтрымкі для пасынка, дапамагала весці яго фінансавыя справы. Памерла ў Дрэздэне ў 1771 г. Партрэт Ганны Мыцельскай Радзівіл сёння можна бачыць у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.