Каляндар падзей:

23 кастрычніка 1746 г. у Міры памерла Ганна Кацярына Радзівіл з Сангушкаў (нар. у 1676 г.) жонка VIII нясвіжскага ардыната Караля Станіслава. Пасля смерці мужа ў 1719 г. яна фактычна пераняла кіраванне спадчыннымі маёнткамі  на абшарах Беларусі, заснавала шэраг прамысловых прадпрыемстваў, упарадкавала архівы і бібліятэкі. Акрамя таго Ганна Кацярына заснавала шэраг касцёлаў, шпіталь у Белай, прафінансавала каранацыю абраза Маці Божай у Жыровіцкім базыліянскім кляштары, матэрыяльна падтрымлівала нясвіжскіх езуітаў. Сучаснікі лічылі яе “спадарыняй вялікай мудрасці і дзельнасці”. Урачыстае пахаванне княгіні адбылося ў верасні наступнага года ў Нясвіжы. Катафалк, на якім везлі цела, аздабляла нявестка Францішка Уршуля. Пахавальную працэсію сустракаў Міхал Казімір Рыбанька са світай, ганаровым эскортам, вялікай колькасцю ксяндзоў. Труну везлі 12 коней накрытых аксамітавымі папонамі, побач са свечкамі ішлі 12 чалавек. Пры ўездзе ў горад з валоў тройчы далі залп з 20 гармат. Развітальныя прамовы казалі прадстаўнікі бернардзінскага, дамініканскага і езуіцкага ордэнаў.  Труну ўсталявалі ў адмыслова прыбраным касцёле Божага Цела, дзе з 12 гадзін дня, да 2 гадзін ночы ішла жалобная служба. Разам з княгіней у фамільнай крыпце быў пахаваны яе любімы ўнук Мікалай Крыштап, які памёр трохгадовым.