Каляндар падзей:

25 кастрычніка 1636 г. у выніку сямейнага пагаднення V нясвіжскім ардынатам стаў малодшы сын М. К. Радзівіла Сіроткі Аляксандр Людвік (нар. у 1594 г.) Яго папярэднік, старэйшы брат Жыгімонт Караль, быў ардынатам толькі тры месяцы, паколькі як манах-рыцар Мальтыйскага ордэна не меў права ўступаць у шлюб, а значыць не мог мець нашчадкаў, якім можна было б перадаць спадчынныя ўладанні. Усведамляючы гэта, Аляксандр ініцыіраваў судовы разбор справы. Спрэчку разглядала адмысловая пагаджальная камісія, якая павінна была задаволіць патрабаванні бакоў. За адмову Жыгімонта ад прэтэнзій на Нясвіж і Мір Аляксандр перадаў яму Шыдловец у Сандамірскім ваяводстве і Беразавец у Наваградскім павеце недалёка ад Міра. А. Л. Радзівіл заставаўся нясвіжскім ардынатам да сваёй смерці ў 1654 г. Потым ардынацыя перайшла да яго сына Міхала Казіміра. Што да Жыгімонта Караля, то ён да канца дзён займаўся справамі Мальтыйскага ордэна – кіраваў камандорствамі ў Сталовічах і Познані, падарожнічаў па Еўропе – наведаў Італію і Мальту. Памёр у 1642 г. у Асізі (Італія). Нашчадкаў не пакінуў.

25 кастрычніка 1835 г. у Берліне адбылася прэм’ера оперы “Фаўст”, музыку да якой напісаў Антоній Генрых Радзівіл, ХІІ нясвіжскі ардынат. Ён пачаў сваю працу яшчэ ў 1808 г., калі “Фауст” І. Гётэ толькі выйшаў з друку, а завяршыў у 1831 г. Недапісанай засталася толькі апошняя сцэна, якую пасля смерці Радзівіла скончыў К. Рунгенхаген. Мяркуюць, што адной з прычын, якая падштурхнула князя ўзяцца за работу над “Фаустам” была гісторыя, звязаная з яго дзедам Марцінам Мікалаем Радзівілам. Апошні захапляўся алхіміяй, праводзіў шматлікія эксперыменты, кінуў хрысціянства і перайшоў у іудаізм. У 1814 г. адбылася сустрэча А. Радзівіла і І. Гётэ, падчас якой паэт, які катэгарычна адмаўляўся пісаць для іншых кампазітараў, пагадзіўся стварыць лібрэта для “Фауста”. Ён адмыслова дапісаў некаторыя сцэны, якіх няма ў трагедыі, але пры гэтым твор быў скарочаны. Перад тым Радзівіл ужо быў вядомы як кампазітар, аўтар песен і твораў для фартэпіяна, але “Фауст” стаў вяршыней яго творчасці. У сваім дзённіку Гётэ назваў музыку Радзівіла геніяльнай. Да таго ж кампазітар некалькі памяняў  скіраванасць твора, у якім шмат гаварылася пра д’ябла. На думку музыказнаўцаў у оперы ёсць выразныя адсылкі да кожнай з біблейскіх запаведзяў. Першыя фрагменты оперы выконваліся яшчэ ў 1816 г., потым у 1820 г. Аднак поўная версія прагучала толькі пасля смерці абодвух аўтараў.