Каляндар падзей:

26 кастрычніка 1635 г. нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл сын Аляксандра Людвіка Радзівіла і Тэклі Валовіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Пачатковую адукацыю атрымаў у Нясвіжы, дзе сярод іншага засвоіў італьянскую і нямецкую мовы. У 13 гадоў упершыню, разам з бацькаю, прыбыў на сойм і аддаў голас за абранне каралём свайго хроснага Яна Казіміра Вазу. У 17 гадоў атрымаў свой першы ўрад – літоўскага стольніка. Пасля смерці бацькі ў 1654 г. стаў VI нясвіжскім ардынатам. Яшчэ праз тры гады, пасля смерці дзядзькі Альбрыхта Станіслава, прыняў Алыцкую ардынацыю. Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654 – 1667 гг. нясвіжскі замак двойчы вытрымаў аблогі расійскіх войск, але горад быў спалены і разрабаваны. Пазней гэта дало князю падставу атрымаць ад караля прывілей, якім нясвіжане вызваляліся ад выплаты мытных збораў і падаткаў. Сам Радзівіл біўся з маскавітамі і шведамі ў Беларусі і Польшчы. З 1668 г. займаў пасады падканцлера і польнага гетмана. Прымаў удзел у войнах з туркамі. Быў адным з бліжэйшых паплечнікаў караля Яна ІІІ Сабескага, з сястрой якога Кацярынай ажаніўся ў 1658 г. Як нясвіжскі ардынат адзначыўся ўмацаваннем замка, фундацыяй касцёла і кляштара бенедыкцінцаў у гонар Святога Крыжа. М.К. Радзівіл памёр 14 лістапада 1680 г.