Каляндар падзей:

28 кастрычніка 1940 г. сакратар Баранавіцкага абласнога камітэта КП(б)Б Тур звярнуўся з лістом у ЦК КП(б)Б. Яго турбавала, што “до сего времени бывший замок Радзивила в г. Несвиже нашей области никем не занимается. Вследствии этого здание не отапливается и начинает приходить в негодное состояние”. У сувязі з гэтым Баранавіцкі абкам прасіў перадаць палац або рэспубліканскаму наркамату, або “Барановичскому Облисполкому для использование под учебное заведение по нашему усмотрению”. Яшчэ ў ліпені 1940 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне аб арганізацыі ў палацы аўтадарожнага тэхнікума, аднак да яго рэалізацыі не дайшло. У ліпені – верасні 1940 г. былі выяўлены шматлікія выпадкі крадзяжу маёмасці і неналежнага нясення ахоўнай службы байцамі стралковага палка НКВД. У крадзяжах абвінавачвалі нават камандзіраў і палітработнікаў роты аховы. Так што турботы т. Тура аб лёсе палаца і яго маёмасці былі цалкам апраўданы. У студзені 1941 г. было прынята чарговае рашэнне аб падзеле радзівілаўскіх рэчаў і калекцый. А вось лёс замка заставаўся нявырашаным да пачатку вайны.