Каляндар падзей:

3 кастрычніка 1857 г. у палацы герцагіні дэ Дзіно Жагань (Саган) у Сілезіі (тады – Каралеўства Прусія, цяпер – Польшча) адбыўся шлюб 24-гадовага князя Антонія Вільгельма Радзівіла з 17-гадовай маркізай Марыяй Даротай дэ Кастэлян. Апошняя паходзіла са старадаўняга французскага роду, атрымала добрую адукацыю і лічылася адной з найпрыгажэйшых жанчын Еўропы. Бабуля Даратэя дэ Дзіно, якая займалася выхаваннем унучкі, уважліва падыходзіла да выбару жаніха. Вясною 1855 г. яна пазнаёміла 15-гадовую Марыю з афіцэрам прускай арміі Антоніем Радзівілам. Малады чалавек скарыў дзяўчыну сваімі манерамі і шчырай набожнасцю. Неўзабаве была дасягнута дамоўленасць аб шлюбе. Праўда, афіцыйную цырымонію адклалі на год з-за юнага ўзросту нарачонай. Шлюбныя мерапрыемствы, арганізаваныя герцагіняй дэ Дзіно, доўжыліся некалькі дзён. Сужэнцы вянчаліся ў жаганьскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а на аргане граў вядомы кампазітар Ферэнц Ліст. Стаўшы княгіней Радзівіл Марыя дэ Кастэлян шмат зрабіла для новай сям’і. Менавіта з яе дзейнасцю звязана аднаўленне Нясвіжскага палаца і вяртанне яму былой велічы. Антоній і Марыя мелі чацвёра дзяцей. Сыноў – Юрыя і Станіслава і дочак – Эльжбету і Алену.