Каляндар падзей:

30 кастрычніка 1885 г. у Берліне нарадзіўся Антоній Альбрыхт Радзівіл, сын Юрыя Радзівіла і Марыі Ружы Браніцкай. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім Пажаскім корпусе і дасягнуўшы паўналецця стаў паступова вырашаць гаспадарчыя справы Нясвіжскай ардынацыі. У верасні 1914 г. афіцыйна стаў XVI ардынатам. Падчас рэвалюцыйных падзей у Расіі аказваў фінансавую падтрымку польскім вайсковым аддзелам рускай арміі. У 1918 г. спрабаваў дабіцца на захадзе дыпламатычнай падтрымкі для Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919 г. дабраахвотнікам уступіў у полк уланаў Войска Польскага. Але з-за паралюша ног быў вымушаны звольніцца са службы. У міжваенны час жыў у Нясвіжы. Перадаў са сваіх уладанняў 20 фальваркаў на патрэбы польскага асадніцтва. Фінансаваў віленскую газету “S?owo”, у якой часта друкаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Аказваў матэрыяльную падтрымку школам, фундаваў касцёлы і капліцы. У сваёй рэзідэнцыі прымаў маршала Юзафа Пілсудскага і прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага. У апошнія гады жыцця з-за цяжкай хваробы амаль не мог рухацца. Памёр 18 снежня 1935 г. у Варшаве. З-за адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі ардынацыя перайшла да яго малодшага брата Леана.

30 кастрычніка 1941 г. у парку каля радзівілаўскага палаца было растраляна каля 1 500 яўрэяў – жыхароў Нясвіжа і яго наваколля. Напярэдадні ўсім яўрэям было загадана сабрацца 30 кастрычніка ў 8 гадзін раніцы на плошчы “для праверкі дакументаў”. Калі на плошчу прыйшлі амаль усе яўрэі, немцы правялі іх сваеасаблівую “сарціроўку”. Высокакваліфікаваных спецыялістаў аддзялілі ад асноўнай масы і накіравалі ў двор гімназіі. Астатніх пашыхтавалі ў дзве калоны. Адну накіравалі ў бок Гарадзеі, другую – у радзівілаўскі парк. Равін звярнуўся да людзей з заклікам пакорна прыняць смерць, як выпрабаванне пасланае Богам, таму ніякага супраціву яны не аказвалі. У Старым парку загадзя быў выкапаны роў, каля якога немцы і паліцэйскія растрэльвалі людзей. Раненыя падалі разам з забітымі. Іх засыпалі зямлёй, нягледзячы на крыкі і плач. У той жа дзень, па дарозе, што вяла на Сноў было знішчана яшчэ 1 200 яўрэяў. Гета, дзе ўтрымліваліся рамеснікі, праіснавала да ліпеня 1942 г., калі было ліквідавана. У 1965 г. парэшткі забітых у Старым парку перапахавалі на гарадскіх могілках, а на месцы іх гібелі ўсталявалі памятны знак.