Каляндар падзей:

5 кастрычніка 1744 г. на Гародзенскім сойме кароль надаў Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньку пасаду віленскага ваяводы і булаву вялікага гетмана літоўскага, якія заставаліся вакантнымі пасля смерці Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Перад гэтым, на працягу дзевяці гадоў нясвіжскі ардынат быў гетманам польным. Вялікім гетманам ён заставаўся да сваёй смерці ў 1762 г. і стаў апошнім Радзівілам у гісторыі, якія займалі гэту пасаду. Але ў адрозненні ад сваіх папярэднікаў адметнымі вайсковымі подзвігамі князь не адзначыўся. У гэты перыяд аслабленая Рэч Паспалітая не вяла баявых дзеянняў. Падчас праходжання расійскіх войск, якія накіроўваліся на вайну з Прусіяй, праз тэрыторыю ВКЛ гетман абмяжоўваўся тым, што прызначаў ім суправаджэнне і аддаваў арміі загад знаходзіцца ў баявой гатоўнасці. У 1746 г. ён выдаў “Рэгулямін”, якім вызначаліся паводзіны і абавязкі жаўнераў на маршы. У 1754 – 1756 гг. вялікі гетман кіраваў задушэннем сялянскага паўстання ў Мазырскім павеце. Лагер паўстанцаў пад Славечна быў знішчаны, а 10  іх важакоў – адасланы ў Нясвіж на суд. У памяць гэтай падзеі на Карэліцкай мануфактуры быў вытканы габелен “Уціхамірванне бунта пад Славечнам”, які павінен быў прадставіць заслугі Радзівіла як палкаводца.

5 кастрычніка 1914 г. па ініцыятыве Антонія Альбрыхта Радзівіла пачаў дзейнічаць Нясвіжскі камітэт Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. Да гэтага на працягу доўгіх гадоў у заштатным горадзе быў толькі пададдзел Слуцкага камітэта. З пачаткам сусветнай вайны князь пачаў дабівацца яго ператварэння ў самастойную структуру “для больш шырокай дзейнасці адносна задавальнення мясцовых патрэб па забяспячэнні параненых воінаў неабходнай бялізнай, адзеннем і абуткам”. Намаганні нясвіжскага ардыната падтрымаў мінскі губернатар А. Гірс, які адначасова з’яўляўся старшынёй губернскага ўпраўлення таварыства Чырвонага Крыжа. На працягу месяца на сродкі Нясвіжскага камітэта, у склад якога ўваходзіла 24 чалавека, былі набыты 4 пары ботаў, 23 паўкажушкі і 25 халатаў. Акрамя таго, у якасці ахвяраванняў ад грамадскасці паступалі кашулі, панчохі, валёнкі, рукавіцы, ручнікі, коўдры, палатно і інш. З улікам таго, што ў Нясвіжы ўжо дзейнічаў лазарэт князёў Радзівілаў і Камітэт грамадскай дапамогі асобам, што маюць патрэбу з-за наступстваў вайны, ачолены Альбрыхтам Радзівілам, можна канстатаваць, што намаганнямі ўладальнікаў ардынацыі горад ператварыўся ў значны асяродак дабрачыннасці.

РЭТРА-СЕЗОН У ЗАМКУ ЗАКРЫТЫ!

05.10.2017

1 кастрычніка Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Музычны Дом “Класіка” запрасілі наведвальнікаў на мерапрыемства, прысвечанае...  падрабязна »