Каляндар падзей:

6 кастрычніка 1677 г. памёр Войцэх Каяловіч (Віюк-Каяловіч), гісторык, геральдыст, рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся ў Ковенскім павеце ВКЛ у 1609 г. (дакладная дата невядома). Як манах ордэна езуітаў атрымаў адукацыю ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у Віленскай акадэміі. Быў адным з арганізатараў Ковенскага калегіума і рэктарам Віленскай акадэміі, выкладаў у Браневе (Польшча). З 1666 г. – прэфект у Варшаўскім калегіуме. Аўтар 34 друкаваных прац (у тым ліку перакладаў). Галоўны яго твор – лацінамоўная “Гісторыя Літвы” ў двух частках – убачыў свет у 1650 – 1669 гг., пазнаёміў заходнееўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства. Яшчэ раней, у 1653 г., у Вільні выйшаў “Летапіс Радзівілаў” (FastiRadiviliani). Кніга выклікала незадавальненне прадстаўнікоў роду, паколькі ў ёй В. Каяловіч раскрыў некаторыя сямейныя таямніцы, за што нават пераследаваўся Радзівіламі. Увогуле, яго работы па генеалогіі выклікалі незадавальненне многіх магнатаў. Так, Сапегі былі абураны тым, што Каяловіч выводзіў іх род не ад Гедзіміна, а ад баярына Сунігайлы. Працу па гісторыі шляхты ВКЛ аўтар увогуле быў вымушаны спыніць па патрабаванні адной сям’і, якая палічыла сябе абражанай. Варыянты гэтай работы пад назвамі “Кампедыум” і “Намэнклятар” убачылі свет толькі на мяжы ХІХ і ХХ стст.

6 кастрычніка 1883 г. у Парыжы адбыўся шлюб 23-гадовага Юрыя Радзівіла і 20-гадовай Марыі Ружы Браніцкай. Нявеста паходзіла са старадаўняга шляхецкага роду, які да ўсяго ж вызначаўся багаццем (яе бацька валодаў Белай Царквою на Кіеўшчыне). Доўгі час кандыдатура Марыі адхілялася ў шлюбных камбінацыях: нягледзячы на прыгажосць і абаяльнасць, сярод арыстакратыі яе ўважалі недастаткова зграбнай з-за некаторай паўнаты. Так, аднак, не лічыла Марыя Дарота Радзівіл дэ Кастэлян, якая вырашыла, што Браніцкая будзе добрай парай для яе старэйшага сына. Доўгі час Юрый і Марыя жылі ў Берліне. Іх дом вызначаўся свабоднымі норавамі і багаццем, якія былі неўласцівыя для даволі сціплай і суровай сталіцы Германскай імперыі. Такі лад жыцця спарадзіў нямала чутак у вышэйшых колах грамадства. Акрамя таго Марыя Ружа мела рэзідэнцыі ў Парыжы, Рыме, пад Белай Царквой, неаднаразова бывала ў Вене і  Нясвіжы. Яна перажыла мужа на 27 гадоў (Юрый памёр у 1914 г.) і ў міжваенны час стала фактычна галавой радзівілаўскай фаміліі. У шлюбе Марыя і Юрый мелі шасцёра дзяцей: трох сыноў і трох дачок. Антоній і Леан паслядоўна былі нясвіжскімі ардынатамі, Караль атрымаў Давыд-Гарадокскія ўладанні. Тэрэса, Ружа і Эльжбета вышлі замуж за прадстаўнікоў польскай арыстакратыі – Любамірскага, Чацвярцінскага, Тышкевіча.