Каляндар падзей:

7 кастрычніка 1601 г. папскі нунцый Клаўдыё Рангоні асвяціў езуіцкі касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Храм быў збудаваны па ініцыятыве Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі ў 1593 г. і стаў першым у Рэчы Паспалітай помнікам архітэктуры барока. За ўзор быў абраны касцёл Іль Джэзу ў Рыме. Будаўнічымі работамі кіраваў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні, купал узводзіў Джузэпе Брызіо, мармуровы алтар Святога Крыжа над уваходам у радзівілаўскую крыпту выканалі Джыролама Кампані і Чэзарэ Франка. Ёсць меркаванне, што італьянскі разьбяр Каспер Фатыга быў аўтарам надмагільных пліт Эльжбеты Яўфіміі Радзівіл (пам. у 1596 г.) і яе сына Мікалая, які памёр у двухгадовым узросце. Касцёл заставаўся езуіцкім да 1773 г., да часу калі дзейнасць ордэна была забаронена булай Рымскага Папы, пасля чаго атрымаў статус фарнага. На працягу XVII – XX стст. ён неаднаразова аднаўляўся пасля войн і пажараў, але ў цэлым захаваў першасны выгляд. Унутранае аздабленне з часам мянялася. Найбольш маштабныя работы адбыліся ў сяр. XVIII ст. па ініцыятыве Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. У прыватнасці была перабудавана алтарная частка храма, і створаны фрэскавыя роспісы, якія захаваліся да нашых дзён.