Каляндар падзей:

8 кастрычніка 1863 г. у Парыжы нарадзілася Марыя Ружа Браніцкая. Яе родавая сядзіба знаходзілася ў Белай Царкве на Кіеўшчыне, але разам з тым бацькі мелі рэзідэнцыі ў шэрагу еўрапейскіх краін, іх прымалі пры двары расійскага імператара, а гадавы даход з маёнткаў складаў каля мільёна рублёў. У 1883 г. Марыя выйшла замуж за Юрыя Радзівіла. Пара пераважна жыла ў Берліне, але шмат часу праводзіла ў Парыжы і Рыме. Пасля таго, як Юрый цяжка захварэў і трапіў пад пільны медычны нагляд, Марыя Ружа была вымушана ўнікаць у фінансавыя справы Нясвіжскай і Клецкай ардынацый, што ў яе ўвогуле няблага атрымлівалася. Пасля смерці мужа ў 1914 г. яна фактычна стала галавой роду Радзівілаў і карысталася вялікім аўтарытэтам сярод сваякоў. Ёй давялося перажыць падзеі Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі 1917 г. і жудасную Грамадзянскую вайну. У міжваенны час княгіня неаднаразова наведвала Нясвіж. Тут яе заспелі падзеі верасня 1939 г. Савецкая ўлада пакінула Марыю Ружу ў палацы ў якасці… жывога музейнага экспаната: яна павінна была раскладаць перад наведвальнікамі свой улюбёны пас’янс і наглядна дэманстраваць “марнатраўства польскіх паноў”. Толькі дзякуючы ўмяшальніцтву італьянскай каралевы княгіня Радзівіл змагла выехаць у Рым, дзе ёй быў выдзелены дом на вуліцы Венета. Тут яна памерла ў 1941 г.