Каляндар падзей:

1 лістапада (ст. ст.) 1917 г. у Нясвіжскім палацы пачаўся ІІ надзвычайны з’езд салдатскіх дэлегатаў 2-й арміі Заходняга фронта, у якім прынялі ўдзел 211 чалавек. З’езд доўжыўся да 3 лістапада. Ён ухваліў пераход улады да саветаў (падтрымаў Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Петраградзе) і ўтварыў армейскі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Пачынаючы ад Лютаўскай рэвалюцыі, якая прывяла да ўсталявання рэспубліканскага ладу, Нясвіжскі палац стаў месцам для розных сходаў і камітэтаў. І з’езд дэлегатаў 2-й арміі адбыўся тут яшчэ ў красавіку 1917 г. 18 кастрычніка прайшла нарада прадстаўнікоў 2-й арміі, 20 снежня – ІІІ з’езд салдацкіх дэлегатаў. Акрамя таго да кастрычніка 1917 г. у палацы размяшчаўся Украінскі камітэт 2-й арміі, які займаўся фарміраваннем нацыянальных вайсковых адзінак на базе 5-й пяхотнай дывізіі. Напярэдадні ІІ надзвычайнага з’езда яго сябры былі арыштаваны і высланы ў распараджэнне Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняй вобласці і фронта. А з 1 да 4 снежня ў радзівілаўскім палацы праходзіў з’езд беларусаў-вайскоўцаў 2-й арміі, які выказаўся за скліканне Ўсебеларускага кангрэса для вырашэння будучага лёсу края.