Каляндар падзей:

10 лістапада 1492 г. вялікі князь Аляксандр выдаў у Троках прывілей якім перадаваў Нясвіж, ранейшую ўласнасць пана Солтана, у спадчыннае валоданне аднаму з буйнейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага маршалку земскаму, троцкаму ваяводу Пятру Янавічу Мантыгірдавічу. У гэтым дакуменце Нясвіж не называецца яшчэ ні замкам, ні горадам, а толькі дваром – умацаваным цэнтрам невялікай сельскагаспадарчай акругі. Да “двара нясвіжскага” адносілася воласць Чучэвічы на Палессі і сяло (“дварэц”) Круты Бераг – сучасная аднайменная вёска на рацэ Уша, недалёка ад Нясвіжа. Мяркуючы па ўсім акруга была дастаткова багатай. Яе прадукцыя актыўна вывозілася ў Свержань, адкуль пачыналася судаходства па Нёману. Пётр Мантыгірдавіч па мянушцы Белы валодаў Нясвіжам нядоўга. У 1494 г. (па іншых звестках у 1499 г.) ён загінуў. У 1500 г. у бітве на Вядрошы загінуў яго адзіны сын Ян. Усе маёнткі (Нясвіж, Алыка, Шацк, Лахва  і інш.) перайшлі ў спадчыну па жаночай лініі, дачцэ і жонцы. Нясвіж у выніку шлюбу Ганны Мантыгірдаўны са Станіславам Кішкам стаў уласнасцю яшчэ аднаго магнацкага рода.

10 лістапада 1749 г. нарадзіўся Мацей Радзівіл, сын Леана Міхаіла Радзівіла і Ганны Людвікі Мыцельскай, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар і драматург. У другім шлюбе яго маці была замужам за Міхалам Казімірам Радзівілам. Дзяцінства Мацея прайшло ў Нясвіжы, дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю. У апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай займаў шэраг дзяржаўных пасад: быў падкаморым ВКЛ (1786 – 1790), кашталянам віленскім (з 1790 г.). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай перадаў дзяржаве ўсе прыналежныя Радзівілам замкі, арсеналы і аддзелы міліцыі, якімі распараджаўся як апякун малалетняга князя Дамініка. Удзельнічаў у паўстанні 1794 г. Як драматург дэбютаваў у 1784 г., калі да прыезду караля Станіслава Панятоўскага ў Нясвіж была пастаўлена опера “Агатка”. У 1786 г. да імянін Караля Станіслава Радзівіла напісаў оперу “Войт альбянскага сялення”, дзе асуджалася жорсткае стаўленне да сялян. Таксама Мацей Радзівіл вядомы як аўтар дывертысмента, санаты, серэнады, 6 паланезаў. Акрамя таго ён пісаў вершы. Князь валодаў маёнткамі ў Польшчы, Літве і Беларусі. Апошнія гады жыцця правёў у Паланечцы каля Баранавіч. Памёр 2 верасня 1800 г.