Каляндар падзей:

11 лістапада 1610 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка заснаваў для сына Жыгімонта Караля мальтыйскую камандорыю, аддаўшы ёй маёнтак Сталавічы (цяпер у Баранавіцкім раёне) і Пацейкі (цяпер у Капыльскім раёне). Жыгімонт выказаў жаданне стаць рыцарам Мальтыйскага ордэна ў 1608 г. Бацька спачатку негатыўна ўспрыняў гэта рашэнне, але ўрэшце рэшт пагадзіўся з выбарам сына і дабраславіў яго на такі крок. Права прадастаўлення Сталавіцкай камандорыі фундатар пакінуў за нясвіжскімі Радзівіламі. Пры выбары прэтэндэнтаў на гэту пасаду першынства павінна было аддавацца прадстаўнікам роду, а калі б ніхто з іх не пажадаў прыняць прысягі – камусці “з народа літоўскага або польскага”. Ж. К. Радзівіл быў камандорам да сваёй смерці ў 1642 г. Ён шмат зрабіў для гаспадарчага развіцця камандорыі, істотна павялічыў яе, скупіўшы навакольныя землі. Да Сталавіцкіх уладанняў была далучана і камяніца ў Нясвіжы, набытая ад мясцовага старасты Андрэя Скарульскага. Па ініцыятыве князя ў Сталавічах быў арганізаваны шпіталь і ўзведзена мураваная Ларэтанская капліца, у XVIII ст. разбудаваная ў касцёл Яна Хрысціцеля – галоўны храм Мальтыйскага ордэна на Беларусі. Камандорыя праіснавала 200 гадоў. Пасля Жыгімонта Караля змянілася 8 яе кіраўнікоў. З іх толькі два апошнія, у 1776 – 1810 гг., былі Радзівіламі.

11 лістапада 1673 г. каля замка Хацін на Днястры (цяпер Чарнавіцкая вобласць Украіны) адбылася бітва паміж войскам Рэчы Паспалітай на чале з каронным гетманам Янам Сабескім (каля 40 тыс.) і войскам Асманскай імперыі (каля 35 тыс.) у якой турэцкая армія была разбіта. Перамога спрыяла росту аўтарытэта Сабескага і ўрэшце рэшт садзейнічала яго абранню на трон Рэчы Паспалітай. Міхал Казімір Радзівіл – VIнясвіжскі ардынат і польны гетман ВКЛ прывёў пад Хацін уласную харугву. Паводле сямейнай хронікі князь біўся на чале аддзела, быў паранены ў галаву, але не пакінуў поле боя. Выстралам з пісталета ён забіў турэцкага пашу, а сераскіра (галоўнакамандуючага) збіў з каня булавой. Заслугі гетмана былі высока ацэнены войскам, што адзначалася ў інстукцыі паслам на сойм. У гэтай жа бітве ўдзельнічаў і 20-гадовы брат Міхала Дамінік Мікалай Радзівіл. Цікава, што бітва адбылася на тым самым месцы дзе ў 1621 г. войскі Рэчы Паспалітай, разам з казакамі, нанеслі паражэнне туркам. У той бітве ўдзельнічалі Жыгімонт Караль і Аляксандр Людвік Радзівілы – IVі V нясвіжскія ардынаты.

11 лістапада 1813 г. у Лаутрэкене (Францыя) памёр Дамінік Геранім Радзівіл (нар. у 1786 г.), ХІ нясвіжскі ардынат з 1790 г. Князь ваяваў на баку Напалеона Банапарта. Камандаваў уланскім палком, на чале якога ўступіў у Вільню. Прымаў удзел у паходзе на Маскву. Падчас адступлення з Расіі быў пераведзены ў кавалерыйскі полк Імператарскай гвардыі ў званні маёра. Быў адзначаны ордэнам Ганаровага Легіёна. У кампаніі 1813 г. удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Райхенбахам, Дрэздэнам, вызначыўся ў славутай “бітве народаў” пад Лейпцыгам. На ваеннай нарадзе 27 кастрычніка яго голас аказаўся вызначальным пры прыняцці рашэння аб адступленні польскіх аддзелаў разам з Напалеонам за Рэйн. У бітве пры Ханау 31 кастрычніка, падчас атакі на баварскую артылерыйскую батарэю, князь быў цяжка паранены ў галаву і неўзабаве сканаў. У памяць пра Д. Радзівіла генерал Вінцэнт Красінскі выдзяліў фундуш касцёлу ў Лаутрэкене. Цела Дамініка было дастаўлена ў Варшаву і пахавана ў бажніцы айцоў-капуцынаў, а сэрца – у касцёле ў Красным паблізу Варшавы. Князь не пакінуў законных нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму з яго смерцю паўстала пытанне аб лёсе спадчынных земляў. Урэшце рэшт вялізныя ўладанні былі перададзены Антонію Генрыху з берлінскай галіны роду, ад якога і пайшла новая лінія нясвіжскіх ардынатаў.