Каляндар падзей:

12 лістапада 1655 г. слуцкі князь Багуслаў Радзівіл пісаў у адным са сваіх лістоў пра разбуральныя вынікі пахода маскоўскіх войскаў: “у ваяводстве Навагародскім, за Нёманам, толькі Слуцк і Нясвіжскі замак выстаялі”. Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, якая пачалася ў маі 1654 г., стала самай страшнай вайной у гісторыі Беларусі. Войскамі праціўніка была захоплена амаль уся тэрыторыя краіны. Летам-восенню 1655 г. атрады Аляксея Трубяцкога здзейснілі спусташальны рэйд па Наваградчыне. У верасні яны захапілі і спалілі Нясвіж, але замак вытрымаў штурм. У наступным годзе ардынат Міхал Казімір Радзівіл распачаў работы па ўмацаванні крэпасці. Гэтаму спрыяла і рашэнне Варшаўскага сойма, які “улічваючы што горад агнём спалены і ў попел ператвораны” на 4 гады вызваліў Нясвіж ад падаткаў і воінскіх пастояў. У 1660 г. замку давялося вытрымаць яшчэ адзін штурм царскіх войскаў. Нясвіжскі замак, разам са Слуцкім і Ляхавіцкім, за ўвесь час вайны так і не быў захоплены праціўнікам. Разам з тым, падзеі 1655 і 1660 гг. паказалі неабходнасць умацавання фартыфікацыйных збудаванняў, і гэтыя працы актыўна вяліся ў замку і горадзе да канца XVIIст.