Каляндар падзей:

13 лістапада 1736 г. у Кракаве нарадзіўся Юзаф Мікалай Радзівіл, сын Марціна Мікалая і Аляксандры Бялхацкай, палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, VIII клецкі ардынат з 1759 г. Займаў шэраг дзяржаўных пасад. Быў пісарам вялікім ВКЛ, ваяводам менскім, кашталянам і ваяводам троцкім. Некалькі разоў абіраўся паслом на соймы. Публічнага жыцця князь пазбягаў, магчыма, з-за свайго знешняга выгляду – быў гарбатым, фізічна неразвітым. У 1755 г. на паляванні ў Нясвіжы яго выпадкова падстрэлілі, пасля чаго Юзаф часта хварэў. Пасля вымушанай эміграцыі Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку ў 1764 г. ён, адзіны прадстаўнік дома Радзівілаў, быў прызначаны сябрам камісіі, якая апекавалася секвестраванай маёмасцю князя. Пасля вяртання Пане Каханку Юзаф абвясціў, што адмаўляецца ад апякунства, да якога быў змушаны гвалтам і пагрозамі. З Каралем у яго склаліся прыязныя адносіны. Апошні нават прызначыў Юзафа апекуном малодшага брата ў выпадку сваёй смерці. Нягледзячы на слабое здароўе клецкі ардынат перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і вайну з Напалеонам. На сконе дзён ён жыў у сваёй рэзідэнцыі ў Радзівілімонтах. Па вызначэнні адной з мемуарыстак, зборкі шляхты ў Юзафа Радзівіла нагадвалі “апошнія пробліскі сонца, якое заходзіць”. Князь памёр у 1813 г., пахаваны ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела.