Каляндар падзей:

14 лістапада 1680 г. у Балоньі (Італія) памёр Міхал Казімір Радзівіл (нар. у 1635 г.), гетман польны і падканцлер ВКЛ, VI нясвіжскі ардынат з 1654 г. У 1679 г. ён быў накіраваны з дыпламатычнай місіяй у Вену, Венецыю і Ватыкан, каб схіліць іх да стварэння антытурэцкай кааліцыі з Рэччу Паспалітай і Масковіяй. Акрамя таго павінен быў правесці перамовы з кіраўнікамі некаторых італьянскіх дзяржаў. Аднак місія не мела поспеху. На зваротным шляху князь моцна захварэў і памёр у “фатальным для Радзівілаў месце”. Менавіта ў Балоньі у 1654 г. сканаў яго бацька Аляксандр Людвік, які падарожнічаў па Італіі. Тут жа пайшоў з жыцця ў 1607 г. яго дзядзька Крыштап Мікалай, 17-гадовы юнак, які вучыўся ў мясцовым універсітэце. Цела Міхала Казіміра часова пакінулі ў касцёле францысканцаў, каштоўнасці і сямейныя паперы – у гарадскім магістраце. На пачатку 1681 г. князя перавезлі на радзіму і пахавалі ў крыпце Нясвіжскага езуіцкага касцёла Божага Цела. Ардынацыя перайшла да яго старэйшага сына Ежы Юзафа, якому на момант смерці бацькі было толькі 12 гадоў.