Каляндар падзей:

19 лістапада 1605 г. памёр Джавані (Ян) Марыя Бернардоні, архітэктар, пачынальнік барока ва Ўсходняй Еўропе. Майстар нарадзіўся ў 1541 г. (дакладная дата невядома) ў паселішчы Каньё, правінцыі Кома (Італія). У юнацтве 10 гадоў працаваў мулярам. У 1564 г. прыехаў у Рым, дзе ўступіў у ордэн езуітаў, каб стаць архітэктарам. Да канца жыцця заставаўся манахам. Працаваў на будоўлях “вечнага горада”, Неапаля, на востраве Сардынія, дзе самастойна выканаў тры праекты калегіумаў. У 1583 г. па запрашэнні Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі выехаў у Нясвіж, але па дарозе затрымаўся на езуіцкіх будоўлях Польшчы. Так што ў Беларусь прыехаў толькі ў 1586 г. У Нясвіжы яго галоўнай справай было праектаванне і  нагляд за будаўніцтвам касцёла Божага Цела і езуіцкага калегіума. Узведзены ў 1593 г. касцёл стаў першым у Рэчы Паспалітай помнікам архітэктуры барока. Таксама Бернардоні лічаць аўтарам праекта нясвіжскай ратушы, шэрагу каталіцкіх касцёлаў і кляштараў у горадзе і ваколіцах, касцёлаў у Новым Свержані і Міры. Верагодна ён прымаў удзел у разбудове Нясвіжскага і Мірскага замкаў. У 1599 г. выехаў у Кракаў, дзе кіраваў будоўляй касцёла Святога Пятра. Бернардоні быў шырока адукаваным чалавекам. У прыватнасці, вядомы яго лісты па пытаннях матэматыкі і астраноміі. У 1992 г. бюст архітэктара ўсталяваны на Алеі памяці побач з Нясвіжскім палацам.