Каляндар падзей:

20 лістапада 1567 г. 18-гадовы Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка з уласным атрадам з’явіўся на попіс войска Вялікага Княства Літоўскага. Краіна не першы год была ў стадыі вайны з Масковіяй. Армія Івана Жахлівага захапіла Полацк і ўмацавалася на поўначы Беларусі. У гэты час малады Радзівіл знаходзіўся ў Заходняй Еўропе. Спачатку вучыўся ў Страсбургу і Цюбінгене, потым падарожнічаў – наведваў двары пануючых дынастый. На пачатку 1567 г. ён вярнуўся на радзіму, атрымаў пад сваё кіраўніцтва спадчынныя ўладанні і пераняў апеку над шматлікімі сваякамі. Якраз у гэты час Гарадзенскі сойм вызначыў парадак склікання шляхты на ваенную службу, а вялікі князь Жыгімонт ІІ некалькімі лістамі загадаў землеўласнікам “до Молодечна днём и ночью, яко на кгвалт поспешаючися” сабрацца для працягу вайны. Каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае у Маладзечанскім раёне) з 26 чэрвеня 1567 г. да лютага 1568 г. праводзіўся попіс войска – рэгістрацыя і падлік узброеных сіл дзяржавы. М. К. Радзівіл Сіротка выставіў найбольшы сярод паноў атрад, які налічваў 539 гусараў і 386 пешых жаўнераў. Усяго ж попіс зафіксаваў 27 776 коннікаў. Аднак ніякіх актыўных дзеянняў гэта войска не зрабіла. Выключэннем стала няўдалая спроба штурму замка Ула, у якой удзельнічаў і Мікалай Крыштап Радзівіл.