Каляндар падзей:

21 лістапада 1790 г. у Белай памёр Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (нар. у 1734 г.), Х нясвіжскі ардынат з 1762 г., адна з найбольш каларытных постацяў Рэчы Паспалітай XVIIIст. Князь пражыў бурнае жыццё, насычанае падзеямі, двойчы быў вымушаны пакідаць краіну будучы ў апазіцыі да каралеўскай улады. Аднак у апошняе дзесяцігоддзе, вярнуўшыся ў Нясвіж, адыйшоў ад палітыкі, хаця займаў пасаду віленскага ваяводы. У сваім палацы арганізоўваў баляванні і прыёмы для навакольнай шляхты, быў папулярны ў яе асяроддзі. Напрыканцы жыцця амаль страціў зрок і выехаў на курорт Брэслау, аднак лячэнне не дапамагло. Восенню 1789 г. вярнуўся ў ВКЛ, вясной 1790 г. перабраўся ў рэзідэнцыю ў Белай. Цела князя было перавезена ў Нясвіж, дзе спачатку знаходзілася ў капліцы на Новым Месце, а пазней без якіх-небудзь урачыстасцяў было пахавана ў фамільным склепе ў касцёле Божага Цела. Хаця князь быў двойчы жанаты, ён не пакінуў нашчадкаў, і ўсе ўладанні перайшлі яго пляменніку Дамініку Гераніму. У гісторыю Пане Каханку ўвайшоў як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Але дзякуючы мемуарам і літаратуры ХІХ ст. у шырокай свядомасці ён стаў сімвалам радзівілаўскага багацця, усемагутнасці і былых шляхецкіх вольнасцяў.