Каляндар падзей:

22 лістапада 1800 г. памёр Саламон Майман – яўрэйскі філосаф эпохі Асветніцтва. Нарадзіўся ў 1753 г. (дакладная дата невядома) ў Жукавым Барку над Нёманам, у сям’і яўрэя-карчмара. Скончыў яўрэйскую школу ў Міры, потым вучыўся ў талмудычнай школе ў Івянцы. Сістэма адукацыі, паводле ягоных слоў, была пабудавана такім чынам, што са школы выходзілі або геніі, або вар’яты. У 11 гадоў хлопчыка ажанілі, і ён пераехаў у Нясвіж.  У мемуарах згадваў, што цёшча яго часта біла, “бесперапынна не хапала сродкаў для нармальнага развіцця, увесь час бязмэтна губляліся сілы”. Тым не менш, менавіта ў Нясвіжы Саламон пачаў чытаць нешматлікія даступныя яму кнігі і неўзабаве стаў адным з найбольш адукаваных прадстаўнікоў яўрэйскай грамады. Напрыканцы 1770-х ён выехаў у Германію, дзе вывучаў філасофію і прыродазнаўства. Жыў у Кёнігсбергу, Берліне, Гамбургу. Выдаў шэраг прац на нямецкай мове і на іўрыце: “Спрэчкі аб філасофіі”, “Катэгорыі Арыстоцеля”, “Тайны мудрасці”. Яго работы высока ацэньвалі І. Гётэ, Ф. Шылер, І. Кант. У 1793 г. надрукаваў мемуары “Гісторыя жыцця…”, дзе шырока адлюстраваў жыццё і побыт насельніцтва Беларусі.