Каляндар падзей:

23 лістапада 1642 г. у Варшаве V нясвіжскі ардынат 48-гадовы Аляксандр Людвік Радзівіл ажаніўся з Лукрэцыяй Марыяй Строцы. Для князя гэта быў трэці шлюб. Першая жонка Тэкля Валовіч памерла ў 1637 г. З другой жонкай – Яўгеніяй Кацярынай Тышкевіч – адносіны не склаліся, дзяцей не было і праз тры гады пара развялася. Саюз з фрэйлінай каралевы Л. М. Строцы павінен быў замацаваць становішча Радзівіла пры двары і засведчыць яго блізкія стасункі з манархам. У якасці пасагу А.Л. Радзівіл адпісаў жонцы 300 тысяч злотых з маёнткаў Чарнаўчыцы і Турэц у Наваградскім ваяводстве. У пары нарадзілася сямёра дзяцей: сын і шасцёра дачок. Чацвёра дзяўчынак памерлі малымі, пра лёс пятай нічога невядома. Паўналецця дасягнулі толькі Цэцылія Марыя і Дамінік Мікалай. У 1652 г. Аляксандр разам з Лукрэцыяй і сынам ад першага шлюба Міхалам Казімірам выправіўся ў Італію. Сярод іншага ён спадзяваўся атрымаць пасаг ад італьянскіх сваякоў жонкі – вялікіх герцагаў фларэнтыйскіх. Але падчас гэтага падарожжа моцна захварэў і памёр 23 сакавіка 1654 г. Лукрэцыя перажыла мужа на сорак гадоў. Між іншым яна дапамагла атрымаць спадчыну сыну Дамініку, які дасягнуў пасады канцлера ВКЛ і стаў заснавальнікам малодшай лініі клецкіх ардынатаў.