Каляндар падзей:

25 лістапада 1584 г. у Дзераўной (цяпер – Стаўбцоўскі раён) адбылося вяселле Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі з дачкой валынскага ваяводы Эльжбетай Яўфіміяй Вішнявецкай. Жаніху ішоў 36-ты год, нявесце было толькі 15. На момант шлюбу Яўфімія спавядала кальвінізм, але пад уплывам мужа перайшла ў каталіцтва і стала вернай памочніцай Мікалая ў яго пачынаннях. У Дзераўной разам з мужам яна заснавала касцёл Звеставання Дзевы Марыі. Адпісала на карысць Нясвіжскага кляштара сясцёр-бенедыкцінак, у дадатак да фальварка Гавязна, 4 вёскі ў Менскім і Наваградскім ваяводствах. Выказвала намер фундаваць у горадзе бернардынскі кляштар, але не паспела яго рэалізаваць. Памерла ў 1596 г. У памяць аб ёй пры бенедыкцінскім кляштары быў збудаваны касцёл Святой Яўфіміі, а пры бернардзінскім – Святой Кацярыны Александрыйскай. Менавіта ў дзень памяці апошняй адбыўся шлюб Радзівіла і Вішнявецкай. Гэту святую пара лічыла сваёй нябеснай апякункай. У Мікалая і Яўфіміі нарадзілася 9 дзяцей: тры дачкі і шасцёра сыноў. Мікалай памёр немаўлём, Крыштап Мікалай – у 17-гадовым узросце. Астатнія сыны паслядоўна былі нясвіжскімі ардынатамі. З дачок паўналецця дасягнула толькі старэйшая Эльжбета. Мікалай Крыштап перажыў жонку на 20 гадоў і больш не быў жанаты.