Каляндар падзей:

27 лістапада 1669 г. у Кракаве нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл, сын Міхала Казіміра Радзівіла і Кацярыны Сабескай, VIII нясвіжскі ардынат з 1689 г. Вучыўся ў Люблінскім езуіцкім калегіуме, падарожнічаў па Заходняй Еўропе, паралельна з гэтым выконваючы дыпламатычныя даручэнні. У 1686 г. атрымаў свой першы ўрад канюшага ВКЛ, у 1690 – 1698 гг. быў падканцлерам, з 1698 г. – канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. Зацята змагаўся з Сапегамі за права валодання спадчынай Багуслава Радзівіла, узначальваў шырокую антысапяжанскую кааліцыю шляхты. У гады Паўночнай вайны стаў на бок Пятра І. Пасля таго, як ягоныя ўладанні (у прыватнасці Нясвіж) былі спустошаны падчас кампаніі 1706 г., перайшоў пад сцягі шведскага караля. Пасля Палтаўскай бітвы вярнуўся ў лагер прыхільнікаў Пятра І. К. С. Радзівіл карыстаўся сімпатыяй шляхты, ад якой атрымаў мянушку “Юстус” (справядлівы). Быў адным з першых кавалераў ордэна Белага Арла – вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Рэчы Паспалітай. Фундаваў базыльянскі кляштар у Міры і касцёл у Налібаках. Вёў дзённік, які ахоплівае перыяд з 1684 да 1718 г. (з перапынкамі) і які дагэтуль не надрукаваны. Памёр 2 жніўня 1719 г. у Белай, пахаваны ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела.

27 лістапада 1752 г. адбылася апошняя пастаноўка ў тэатры Францішкі Уршулі Радзівіл. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька занатаваў у сваім “Дыярыушы”: “Сёння была пастаўлена аперэтка Еўропы, і адбыўся баль”. Згаданая тут “аперэтка” – аднаактавая опера “Шчаслівае каханне”, упершыню была паказана гледачам 8 мая таго ж года. Гэта была першая опера, напісаная княгіней. Дагэтуль на яе “рахунку” значыліся камедыі і трагедыі. Прэм’ера другой оперы “Сляпое каханне не зважае, чым скончыцца” адбылася 20 лістапада. Цяжка меркаваць, што гэта былі за пастаноўкі, паколькі ў тэатры XVIII ст. немагчыма дакладна акрэсліць жанр музычнага спектакля. Правесці мяжу паміж вадэвілем, камедыяй і камічнай операй даволі складана. Даследчыкі робяць дапушчэнне, што ў операх княгіні Радзівіл музычныя нумары перамяжоўваліся размоўнымі дыялогамі. На жаль не захаваліся ні партытуры гэтых твораў, ні імёны кампазітараў.