Каляндар падзей:

28 лістапада 1561 г. на Віленскім сойме ўрачыста падпісаны акт пераходу зямель былога Лівонскага ордэна (Інфлянтаў) пад уладу Вялікага Княства Літоўскага. Інфлянцкі ордэн стаў аб’ектам агрэсіі з боку Маскоўскага княства і шукаў саюзнікаў за мяжой. Канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны выступіў за ўсебаковую падтрымку ордэна, не спыняючыся нават перад канфліктам з Масковіяй. Пад яго ўплывам паны-рада вырашылі аказаць лівонцам вайсковую дапамогу. Дзякуючы намаганням М. Радзівіла, магістр ордэна і рыжскі арцыбіскуп прызналі вяршэнства вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста. Канцлер, аднак, не задаволіўся дасягнутым і вёў перамовы адносна скасавання Лівонскага ордэна і канчатковага далучэння Інфлянтаў да ВКЛ. Пры гэтым рашуча адвяргаў прапановы аб прыяднанні гэтых зямель да Польскага каралеўства, чаго патрабавалі прадстаўнікі Рыгі. У рэшце рэшт Мікалай Радзівіл здолеў дасягнуць сваёй мэты. Колішні магістр Готард Кетлер атрымаў частку тэрыторыі і тытул Курляндскага герцага. Астатнія землі былі ўключаны ў склад Вялікага Княства, кіраванне імі асобным прывілеем было даручана Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Далучэнне Інфлянтаў да ВКЛ стала апошнім значным тэрытарыяльным набыткам краіны і найвялікшым палітычным поспехам Мікалая Радзівіла.