Каляндар падзей:

3 лістапада (22 кастрычніка па ст. ст.) 1882 г. нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч больш вядомы пад літаратурным псеўданімам Якуб Колас – паэт, пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, удзельнік нацыянальна-адраджэнскага руху. Хлопчык з’явіўся на свет у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне. Яго бацька – Міхась – служыў лесніком у князя Радзівіла, таму дзяцінства будучага паэта прайшло ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, недалёка ад Нёмана. Юнацтва было звязана з Нясвіжам. У 1898 г. ён паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1902 г. Пазней паэт называў гэту ўстанову сваім “мужыцкім універсітэтам”. Менавіта да перыяду навучання адносяцца яго першыя літаратурныя спробы. Гэта верш і байка на рускай мове “Весна” і “Ворона и лисица”, а таксама сшытак з фальклёрнымі запісамі “Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”. Пасля семінарыі К. Міцкевіч настаўнічаў на Палессі, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, працаваў у рэдакцыі “Нашай Нівы”. З 1906 г. пачаў друкаваць вершы і да пачатку сусветнай вайны выдаў некалькі зборнікаў. У міжваенны перыяд Якуб Колас з’яўляўся адной з найбольш аўтарытэтных постацяў беларускай літаратуры, хаця зведаў уціск з боку савецкай улады. Памёр у 1956 г. У 1992 г. бюст паэта ўсталяваны на Алеі памяці побач з нясвіжскім палацам.