Каляндар падзей:

5 лістапада 1642 г. у Асізі (Італія) памёр Жыгімонт Караль Радзівіл (нар. у 1591 г.), сын Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай, IV нясвіжскі ардынат у 1636 г., рыцар Мальтыйскага ордэна. У апошнія гады жыцця ён шмат падарожнічаў па Еўропе, што было звязана, як з ордэнскімі справамі (становішчам Познаньскай і Сталавіцкай камандорыі), так і з клопатамі пра ўласнае здароўе. Князь пакутаваў ад рэўматызму, пачалі адымацца пальцы на правай руцэ. Спачатку лячыўся ў Падуі і Неапалі, дамогся аўдыенцыі ў Папы Рымскага і чакаў вылечвання пасля ягонага дабраслаўлення. Калі ж гэта не дапамагло – накіраваўся ў Асізі, каб пакланіцца рэшткам Святога Францыска. Замест гэтага падхапіў тут смяротную хваробу. Перад смерцю ён перадаў свой камандорскі крыж рэчыцкаму чашніку і мальтыйскаму рыцару Мікалаю Юдыцкаму, які стаў кіраўніком Сталавіцкай камандорыі. Жыгімонта Караля пахавалі ў студзені 1643 г. у капліцы Святога Марціна касцёла Святога Францыска ў Асізі. Сцены капліцы былі абабіты атласам з фамільным гербам, які вырашылі пакінуць на памяць. Пазней Альбрыхт Радзівіл усталяваў там памятную шыльду з эпітафіяй свайму стрыечнаму брату, якая не захавалася. Жыгімонт Караль не пакінуў пасля сябе нашчадкаў, паколькі як рыцар-манах не мог уступаць у шлюб і мець дзяцей.