Каляндар падзей:

8 лістапада 1811 г. у маёнтку Варонічы над р. Пціч у Ігуменскім павеце Мінскай губерніі нарадзіўся Міхаіл Богуш-Шышка – гісторык і архівіст. Адукацыю атрымаў у Вільні, дзе скончыў спачатку гімназію, потым універсітэт. Ведаў сем замежных моў, акрамя таго валодаў лацінскай, старажытнагрэчаскай, старажытнаяўрэйскай і стараславянскай. Працаваў перакладчыкам пры судовых установах, потым перакладаў на польскую мову творы антычных і сучасных аўтараў. Удзельнічаў у стварэнні “Вялікай універсальнай энцыклапедыі”, якая выйшла ў Вільні. У 1860 г. быў запрошаны ў Нясвіж для ўпарадкавання радзівілаўскага архіва і да 1873 г. выконваў абавязкі архіварыуса. Сістэматызаваў справы, аформіў каталогі, падрыхтаваў шэраг гістарычных прац – “Нарыс жыцця і дзейнасці Мікалая Крыштапа Радзівіла, празванага Сіроткам”, “Дыярыуш князя Міхала Казіміра Радзівіла”, “Гісторыя Астрожскай ардынацыі”. Галоўным дасягненнем архівіста стала знаходка сярод дакументаў арыгінальнага акта Люблінскай уніі 1569 г. З увагі на тое, што замак знаходзіўся ў занядбаным стане, дакумент быў перавезены ў Берлін і толькі на пачатку ХХ ст. вярнуўся ў Нясвіж. Кінуўшы службу М. Богуш-Шышка жыў у маёнтку сваёй сястры ў Ігуменскім павеце, дзе і памёр 12 сакавіка 1877 г.