Каляндар падзей:

10 снежня 1547 г. у Аўгсбургу імператар Святой Рымскай імперыі Карл Vпадпісаў грамату, якая давала Мікалаю Радзівілу Чорнаму і яго брату Яну права выкарыстоўваць тытул князёў Святой Рымскай імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”, а яго стрыечнаму брату Мікалаю Радзівілу Рудому – тытул князя “на Біржах і Дубінках”. 24 студзеня 1549 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст падцвердзіў права на тытул. Гэта не толькі ўмацавала прэстыж братоў Радзівілаў, але і стала важным крокам для легітымізацыі шлюбу Жыгімонта з Барбарай (роднай сястрой Рудага і стрыечнай сястрой Чорнага), “нізкае” паходжанне якой выклікала абурэнне польскіх магнатаў. Раней Радзівілы ўжо атрымлівалі княжацкую годнасць. 25 лютага 1518 г. Мікалай ІІІ Радзівіл стаў князем “на Ганязі і Мядзелі”. Але хаця ў яго было трое сыноў, ніхто з іх не пакінуў нашчадкаў “па мячу” – мужчын. І ў 1542 г. старэйшая княжацкая галіна Радзівілаў згасла. Сярэдняя – нясвіжская – лінія, якая ідзе ад Мікалая Радзівіла Чорнага, аказалася значна больш даўгавечнай. Важнейшая падзея ў жыцці рода была ўвасоблена ў адмыслова напісанай карціне, якая знаходзілася ў галерыі Нясвіжскага палаца.