Каляндар падзей:

16 снежня 1904 г. у Берліне памёр Антоній Вільгельм Радзівіл (нар. у 1833 г.), XIV нясвіжскі ардынат з 1870 г. Князь быў генералам нямецкай арміі і ад’ютантам трох імператараў: Вільгельма І, Фрыдрыха ІІІ і Вільгельма ІІ. Паводле тастамента яго ўладанні былі падзелены паміж сынамі. Старэйшы Ежы Фрыдэрык атрымаў Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі, палац у Нясвіжы з усёй маёмасцю (бібліятэкай, архівам, калекцыяй зброі) і маёнтак у Радзівілімонтах. Малодшы Станіслаў – Давыд-Гарадоцкую ардынацыю з галоўнай сядзьбай у Манькавічах і некаторыя карціны з нясвіжскіх збораў. Князь Антоній быў апошнім прадстаўніком рода цесна звязаным з дынастыяй Гагецолернаў. На яго пахаванні гаварылі аб заканчэнні “берлінскай эры Радзівілаў”, а імператар Вільгельм ІІ назваў нашчадка літвінскіх магнатаў “самым прускім прусаком сярод усіх прусакоў”. Цела Антонія Вільгельма спачатку было пахавана ў Антоніне – радзівілаўскім палацы на Пазнаньшчыне, а праз год (18 снежня 1905 г.) было перавезена ў Нясвіж, у сямейную крыпту касцёла Божага Цела. Тым самым аднавілася перарваная напрыканцы XVIIIст. традыцыя згодна якой ардынатаў хавалі ў Нясвіжы. Пазней побач з труной Антонія Вільгельма з’явіліся саркафагі жонкі і абоіх сыноў.