Каляндар падзей:

18 снежня 1625 г.  памёр Ян Юрый Радзівіл (нар. у 1588 г.), ІІ нясвіжскі ардынат з 1616 г. Нягледзячы на тое, што ён займаў пасаду троцкага кашталяна, у палітычным жыцці краіны актыўнага ўдзелу не прымаў. А як нясвіжскі ардынат адзначыўся толькі ўрачыстым прыёмам каралевіча Ўладзіслава ў 1617 г., якому падарыў дзве гарматы з замкавай збраёўні. У шлюбе з першай жонкай Элеанорай Астрожскай  князь не меў дзяцей. Другі шлюб з Кацярынай Войнай, падчаркай жамойцкага старасты Гераніма Валовіча, быў прызначаны на 6 студзеня 1626 г. Дату абралі невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1618 г. памерла першая жонка Радзівіла. Адбылося гэта, калі князь рыхтаваўся адзначыць свой юбілей. Прызначаючы на гэту ж дату другі шлюб, Ян хацеў падкрэсліць, што здольны супрацьстаяць ударам лёсу і распачаць новае жыццё. Але прыехаўшы да будучага цесця ў Кобрын, каб залагодзіць некаторыя перадвясельныя пытанні, нечакана захварэў і ўжо не здолеў ачуняць. Праз два месяцы яго цела было перавезена ў Нясвіж і пахавана ў крыпце езуіцкага касцёла. Паколькі Ян Юрый не пакінуў нашчадкаў ардынацыя перайшла да яго малодшага брата Альбрыхта Уладзіслава.

18 снежня 1935 г. у сваім палацы ў Варшаве памёр Антоній Альбрыхт Радзівіл (нар. у 1885 г.), XVI нясвіжскі ардынат з 1914 г. На перыяд яго кіравання ардынацыяй прыпалі падзеі Першай сусветнай, грамадзянскай і савецка-польскай вайны, якія істотна падарвалі матэрыяльны дабрабыт сям’і. На пачатку 1930-х гг. на ўтрыманне палаца замест 600 злотых штотыдзень князь мог выдзеліць толькі 120. Большасць замкавых пакояў (140 са 168) стаялі замкнутымі і нават не ацяпляліся. З-за падатковай запазычанасці шэраг маёнткаў быў перададзены ва ўласнасць дзяржавы. Каб паправіць фінансавае становішча, Альбрыхт быў вымушаны часткова распрадаць калекцыю ўзбраення і рыцарскага рыштунку. Нягледзячы на гэта, ён заставаўся адным з буйнейшых землеўласнікаў Польшчы і буйнейшым працадаўцам Нясвіжчыны. З-за паралюша ног князь амаль не мог рухацца, таму не выяўляў празмернай палітычнай актыўнасці. Тым не менш у сваім нясвіжскім палацы прымаў і маршала Юзафа Пілсудскага, і прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага. Альбрыхт не меў сыноў, і пасля яго смерці ардынацыя перайшла да малодшага брата Леана. 

Музейны штогоднік «Acta anniversaria»

18.12.2017

Шаноўныя калегі!      У 2018 годзе Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”рыхтуе да выдання V выпуск...  падрабязна »

«ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ» Ў КАФЭ «САЛОДКАЯ БАТЛЕЙКА»

18.12.2017

ДЗІЦЯЧЫ АДУКАЦЫЙНЫ ЦЭНТР ЗАПРАШАЕ ДЗЯЦЕЙ, БАЦЬКОЎ І ПЕДАГОГАЎ НА «ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ» Ў КАФЭ «САЛОДКАЯ БАТЛЕЙКА» «ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ» - гэта вясёлае свята з...  падрабязна »