Каляндар падзей:

2 снежня 1612 г. нарадзіўся Януш Радзівіл, адзін з найбольш выдатных прадстаўнікоў біржанскай лініі роду, дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, ініцыятар спробы разрыву уніі з Польшчай і вяртання самастойнасці Вялікаму Княству. На чале ўласнага аддзела Радзівіл удзельнічаў у Смаленскай вайне 1632 – 1634 гг. У 1649 г. узначаліў войска ВКЛ, якое змагалася з казацка-сялянскімі атрадамі Б. Хмяльніцкага ў Беларусі і Украіне. Надзвычай паспяхова правёў ваенныя кампаніі, нанёс паўстанцам шэраг паражэнняў і захапіў Кіеў. У 1654 г., атрымаўшы булаву вялікага гетмана, арганізоўваў абарону княства ад войскаў маскоўскага цара. Нягледзячы на значную перавагу ворага, выйграваў асобныя баі і вызваляў гарады. Але да канца 1655 г. большасць тэрыторыі княства, у тым ліку сталіца Вільня, была захоплена непрыяцелем. Каб уратаваць краіну, Я. Радзівіл падпісаў унію са Швецыяй, прызнаўшы верхавенства караля Карла Х Густава. Такі крок выклікаў супрацьдзеянне, як з боку Польшчы, так і з боку часткі шляхты ВКЛ. Супраць Януша Радзівіла выступіў віцебскі ваявода Павел Сапега. Яго войскі аблажылі крэпасць Тыкоцін, дзе абараняўся Радзівіл. Там 31 снежня 1655 г. гетман памёр (паводле адной з версій, ён быў атручаны).