Каляндар падзей:

20 снежня 1915 г. Нясвіжчыну наведаў імператар Мікалай ІІ, які незадоўга перад тым усклаў на сябе абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Як згадваў пісьменнік К. Паустоўскі, які ў той час служыў на ст.  Замір’е: “Да прыезда імператара было загадана прывесці паселішча ў парадак. Гэта праявілася ў тым, што з лесу прывезлі шмат елак і замаскіравалі імі самыя кепскія хаціны”. З Замір’я, куды прыбыў імператарскі цягнік, Мікалай накіраваўся на пазіцыі, дзе агледзеў салдацкія зямлянкі і каштаваў ежу з агульнага катла. На ст. Пагарэльцы наведаў воінскія лазарэты. На начлег на цягніку накіраваўся ў Койданава. На наступны дзень галоўнакамандуючы выехаў на аўтамабілі на пазіцыі Грэнадзёрскага корпуса. Шлях ішоў праз вёскі Студзёнкі, Хвоева, Ліхасельцы і Чэрніхава, дзе цара сустракалі мясцовыя жыхары. Ёсць звесткі, што расійскі імператар прыязджаў і ў Нясвіжскі палац каб сустрэцца з яго гаспадарамі, але менавіта ў той дзень Антоній Альбрыхт, які 17 месяцаў не пакідаў рэзідэнцыі, выехаў да сваёй маці, графіні Браніцкай. Такое супадзенне выглядала даволі дзіўна і нарадзіла версію, што Радзівіл свядома ўхіліўся ад сустрэчы з “государем Всея Руси”, якога не хацеў бачыць у сваіх апартаментах. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці – сказаць цяжка.

20 снежня 2013 г. Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь уведзена ў абарачэнне серыя памятных манет “Слуцкія паясы. Шляхецкі касцюм”, “Слуцкія паясы. Ткацтва”, “Слуцкія паясы. Радзівілы”. Манеты выпушчаны ў двух наміналах 20 рублёў (срэбная) і 1 рубель (медна-нікелевая), маюць форму круга (дыяметр 50 і 37 мм), бакавая паверхня рыфлёная. На аверсе манет выявы фрагментаў слуцкіх паясоў з калекцый Нацыянальнага музея гісторыі і культуры і Музея старажытнабеларускай культуры, рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, назва краіны, намінал і год чаканкі. На рэверсе апошняй – надпіс па крузе “Слуцкія паясы. Радзівілы”, фігура князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і дэкаратыўная кампазіцыя з выявай радавога герба Радзівілаў, Слуцкай брамы (як элемента архітэктурнага ансамбля княжацкай рэзідэнцыі) і задрапіраванага слуцкага пояса. Манеты адчаканены ў Вільнюсе на Літоўскім манетным двары. Мастак-дызайнер – С. Някрасава. Наклад кожнага намінала 7 тысяч асобнікаў. Серыя прысвечаная аднаму з сімвалаў Беларусі уключала ў сябе пяць манет. Дзве першыя – “Слуцкія паясы. Меткі” і “Слуцкія паясы. Калекцыянаванне” – уведзены ў абарачэнне 21 лістапада 2013 г. На манетах серыі былі выяўлены фрагменты ўсіх пяці паясоў, якія на той момант захоўваліся ў музеях Беларусі.