Каляндар падзей

22 снежня 1888 г. у Патсдаме нарадзіўся Леан Уладзіслаў Радзівіл, сын Ежы Фрыдэрыка і Марыі Ружы Браніцкай, апошні, XVII нясвіжскі ардынат. Пасля заканчэння Імператарскага Пажаскага корпуса ў Санкт-Пецярбургу служыў у Лейб-гвардыі Прэабражэнскім палку. Падчас Першай сусветнай вайны – у Генеральным штабе расійскай арміі. Як кадравы ваенны прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі ўзброеных сіл адноўленай Польскай дзяржавы. Удзельнічаў у абароне Варшавы ад арміі Тухачэўскага ў 1920 г. Пазней спрыяў вяртанню з французскага палона палякаў – былых вайскоўцаў аўстрыйскай арміі. Быў узнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага Легіёна і польскім – Віртуці Мілітары. Леан пазбягаў удзелу ў палітычным жыцці, пераважна  займаўся гаспадарчымі справамі. Захапляўся паляваннем і жывапісам (сам няблага маляваў). Перадача яму Нясвіжскай ардынацыі ў студзені 1936 г. была нечаканасцю для многіх прадстаўнікоў сям’і, якія разлічвалі, што ардынатам стане сярэдні брат Караль. У верасні 1939 г. з усталяваннем савецкай улады Леан быў арыштаваны. Толькі дзякуючы заступніцтву італьянскай каралевы Радзівілы змаглі выехаць у Еўропу. Леан Уладзіслаў жыў у Лондане, пасля вайны перабраўся ў Парыж, дзе памёр у красавіку 1959 г.