Каляндар падзей:

25 снежня 1732 г. архітэктар Казімір Ждановіч сваім лістом паведаміў Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньку аб заканчэнні рамонтных работ у касцёле Святога Міхаіла, недалёка ад горада пры Капыльскай дарозе. Касцёл паўстаў з колішняй капліцы Святога Рафаіла, збудаванай яшчэ ў 1593 г. У 1660 г. ён быў перададзены езуітам, якія заснавалі тут кляштар і калегіум. З часам пабудовы сталі патрабаваць істотнага рамонта, які і пачаўся ў 1730 г. За два гады і касцёл, і кляштар былі фактычна перабудаваны, у храме паставілі сем новых алтароў. Міхал Казімір Рыбанька вельмі шанаваў Міхальскі касцёл і, як сведчаць запісы ў дзённіку, часта яго наведваў. Па яго загаду, мяшчане, што жылі пры дарозе, якая вяла да храма, павінны былі абсадзіць яе дрэвамі, а ў выпадку адмовы – плаціць штраф на карысць езуітаў. Такую ўвагу да касцёла Святога Міхаіла можна патлумачыць тым, што ён быў названы ў гонар нябеснага апекуна князя. На ўпрыгожванне бажніцы Радзівіл не шкадаваў сродкаў. Па адной з версій, славутыя 12 апосталаў – залатыя і пазалочаныя фігуры вучняў Хрыста – былі выраблены менавіта для касцёла Святога Міхаіла.