Каляндар падзей:

26 снежня 1550 г. Мікалай Радзівіл Чорны стаў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. Гэта пасада была адной з вышэйшых у дзяржаве. Першапачаткова ён кіраваў работай вялікакняжацкай канцылярыі, адказваў за дакументальнае забеспячэнне дзейнасці гаспадара і агучванне яго рашэнняў. У далейшым канцлер атрымаў паўнамоцтвы міністра юстыцыі. Мікалай Радзівіл быў трэцім прадстаўніком рода, які заняў гэту пасаду. Адначасова ён захоўваў за сабою урад маршалка, а неўзабаве атрымаў годнасць віленскага ваяводы. У 1561 г., у сувязі з ад’ездам Жыгімонта Аўгуста ў Польшчу, быў абвешчаны намеснікам вялікага князя ў ВКЛ. Займаючы вышэйшыя дзяржаўныя пасады Мікалай Радзівіл удзельнічаў у правядзенні аграрнай і судова-адміністрацыйнай рэформы, па яго ініцыятыве былі ўтвораны органы мясцовага шляхецкага самакіравання – соймікі. Акрамя таго, М. Радзівіл дабіўся далучэння да ВКЛ зямель былога Лівонскага ордэна і вайсковай падтрымкі з боку Польшчы ў змаганні з Маскоўскай дзяржавай. Пасля смерці Мікалая Чорнага ў1565 г. канцлерам стаў яго стрыечны брат Мікалай Радзівіл Руды. Агулам на працягу XVI ст. чацьвёра прадстаўнікоў дому Радзівілаў займалі пасаду канцлера, з перапынкамі, 50 гадоў.