Каляндар падзей:

30 снежня 1668 г. кароль Ян Казімір сваім лістом падцвердзіў прызначэнне Міхала Казіміра Радзівіла на пасаду польнага гетмана (галоўнакамандуючага) ВКЛ. Гэтай пасады князь пачаў дамагацца адразу ж пасля смерці свайго папярэдніка Уладзіслава Валовіча, аднак сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй Пацаў, якія баяліся ўзмацнення Радзівіла (незадоўга перад тым ён заняў пасаду падканцлера Вялікага Княства Літоўскага). Першасны каралеўскі прывілей не быў прызнаны на сойме і толькі паўторны ліст манарха прынёс Радзівілу жаданую гетманскую булаву. Міхал Казімір стаў шостым прадстаўніком роду і першым з яго нясвіжскай галіны, хто атрымаў уладу над войскам. Праўда, у 1549 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на гетманства Мікалаю Радзівілу Чорнаму, які кіраваў выправай супраць татар. Але той, сціпла ацэньваючы свае вайсковыя здольнасці, адмовіўся ад пасады. Міхал Казімір Радзівіл меў вопыт баявых дзеянняў супраць маскавітаў і шведаў падчас вайны 1654 – 1667 гг. Як польны гетман (заставаўся ім да сваёй смерці ў 1680 г.) прымаў удзел у бітве пад Хоцінам 1671 г., войнах з туркамі на Украіне ў 1674 – 1675 і 1677 гг.