Каляндар падзей:

31 снежня 1669 г. памёр Багуслаў Радзівіл (нар. у 1620 г.), дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, галоўны апякун кальвіністаў, апошні прадстаўнік біржанскай галіны роду. Князь удзельнічаў у войнах з казакамі і маскавітамі. У 1655 г. спрабаваў стварыць уласную дзяржаву з часткі ВКЛ. Служыў брандэнбургскаму курфюрсту і быў яго намеснікам у Прускім герцагстве. З яго смерцю на палітычнай арэне Рэчы Паспалітай засталіся толькі прадстаўнікі нясвіжскай галіны, што спрыяла іх новаму ўзвышэнню. Згодна тастамента, апекуном непаўналетняй дачкі Багуслава Людвікі Караліны, якая атрымлівала ў спадчыну Случчыну, Капыльшчыну, Койданаўскае графства, Біржы, Дубінкі, Невель, Себеж, Копысь, быў прызначаны нясвіжскі ардынат Міхал Казімір. Жадаючы захаваць агромністыя абшары ў валоданні сваёй фаміліі, Міхал спрабаваў фальсіфікаваць тастамент. Калі ж гэта не атрымалася, намагаўся выдаць Людвіку за свайго сына Мікалая (памёр 13-гадовым), потым – за пляменніка Станіслава Казіміра. Аднак гэтыя спробы не мелі поспеху, і спрэчка за спадчыну Багуслава (т.зв. “Нойбургскія ўладанні”) паміж Радзівіламі, Сапегамі і ншымі прэтэндэнтамі зацягнулася да 1751 г.