Каляндар падзей:

4 снежня 1577 г. адбыўся падзел маёмасці паміж сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага. Адразу пасля яго смерці ўсімі маёнтакамі распараджаўся стрыечны брат Мікалай Радзівіл Руды. У 1567 г. бацькавы ўладанні прыняў Мікалай Крыштап, адзіны з чатырох сыноў, які на той момант дасягнуў паўналецця. У снежні 1577 г. спадчына Мікалая Радзівіла Чорнага была падзелена паміж Мікалаем Крыштапам, Альбрыхтам, Станіславам і Юрыем. Юрый атрымаў шэраг маёнткаў у Вілкамірскім і Віленскім паветах. Станіслаў – Алыку з прылеглымі маёнткамі на Валыні, Налібокі ў Мінскім і Нягневічы ў Наваградскім ваяводствах, некаторыя землі на Ашмяншчыне. Віленшчыне і Падляшшы. Да Альбрыхта перайшло Клецкае княства, Давыд-Гарадок і асобныя маёнткі ў Ашмянскім павеце. Уладанні М. К. Радзівіла Сіроткі ўключалі Нясвіж з прылеглымі землямі, Ліпск, Лахву, Шацк і Свержань у Наваградскім ваяводстве; Узду ў Менскім; Гарадок і Высокае на Падляшшы. Акрамя таго ён валодаў Мірскім графствам, Зэльвай, Белай і Чарнаўчыцамі; Шыдлоўцам у Польшчы і Крожамі ў Жамойці. Нават пасля раздзелу спадчыны з братамі Сіротка заставаўся адным з багацейшых людзей у ВКЛ, а яго землі па памерах саступалі толькі ўладанням слуцкіх князёў.

4 снежня 1591 г. у Нясвіжы нарадзіўся Жыгімонт Караль Радзівіл, сын Мікалая Крыштапа Радзівіла і Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай, ІV нясвіжскі ардынат у 1636 г. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Пасля падарожнічаў па Еўропе, дзе ўступіў у Мальтыйскі рыцарскі ордэн. Адмыслова для яго ў ВКЛ была заснавана Сталавіцкая камандорыя, якая праіснавала да 1810 г. У якасці мальтыйскага рыцара Ж. Радзівіл змагаўся з міжземнаморскімі піратамі. Як камандзір найманых аддзелаў удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне на баку імператара Святой Рымскай імперыі. Акрамя таго, ён адзначыўся ў войнах на радзіме. У 1621 г. Жыгімонт біўся пад Хацінам, дзе войска Рэчы Паспалітай разбіла турэцкую армію. У 1633 г. сфарміраваў пяхотны полк з якім удзельнічаў у Смаленскай вайне. Займаў пасады крайчага (1633 – 1638)  і падчашага (1638 – 1642) ВКЛ. Пасля смерці брата Альбрыхта Ўладзіслава ў ліпені 1636 г. стаў нясвіжскім ардынатам. Але як манах-рыцар не мог мець нашчадкаў, якім  можна было б перадаць спадчынныя ўладанні, таму ў кастрычніку адмовіўся ад ардынацыі на карысць малодшага брата. Да канца дзён займаўся справамі ордэна, кіраваў камандорствамі ў Сталавічах і Познані. Памёр у 1642 г. у Асізі (Італія), дзе і быў пахаваны. 

Дзень бясплатнага наведвання аб’ектаў музея у снежні

04.12.2017

Звяртаем увагу, што дзень бясплатнага наведвання экспазіцый музея-запаведніка перанесены  на 19 снежня 2017 года. Просім разлічваць візіт  у...  падрабязна »