Каляндар падзей:

5 снежня 1655 г. Нясвіж – уласнасць Міхала Казіміра Радзівіла перайшоў пад уладу ягонага сваяка слуцкага князя Багуслава Радзівіла. Ва ўмовах, калі большая частка Рэчы Паспалітай была акупіравана маскоўскімі і шведскімі войскамі, Багуслаў вырашыў стварыць уласную дзяржаву пад пратэктаратам караля Швецыі. Аснову гэтай дзяржавы мусілі скласці радзівілаўскія ўладанні ў Наваградскім павеце. 4 снежня 1655 г. войскі Багуслава са Слуцка прыйшлі ў Нясвіж і на наступны дзень захапілі замак. Абставіны гэтай падзеі невядомы, згадваецца толькі, што крэпасць была здабыта “падманам, праз здраду”. Маёр княжацкай гвардыі Вільгельм дэ Інгліс і рэвізор нясвіжскіх уладанняў Юрый Загурскі перайшлі на бок Багуслава. Аднак апошняму не ўдалося рэалізаваць свае намеры, яго не падтрымалі нават сваякі (Міхал Казімір Радзівіл захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай). На пачатку 1656 г. да Нясвіжа падыйшлі войскі ВКЛ, якія паспрабавалі выбіць з замка слуцкі гарнізон. Урэшце рэшт яго абаронцы здаліся, і ў красавіку горад вярнуўся пад уладу Міхала Казіміра. Новым губернатарам замка быў прызначаны Самуіл Аскерка, а ў маёра дэ Інгліса за здраду была адабрана камяніца ў горадзе і маёнтак Улостаўшчына.