Каляндар падзей:

6 снежня 1520 г. нарадзілася Барбара Радзівіл, дачка вялікага гетмана Юрыя Радзівіла і Барбары з Калонкаў. У 17 гадоў дзяўчыну, па маёмасных меркаваннях. выдалі замуж за наваградскага ваяводу Станіслава Гаштольда, які неўзабаве памёр. Стаўшы ўдавой Барбара зблізілася з Жыгімонтам Аўгустам, спадкаемцам трона ВКЛ і Польшчы. Пачуцці сястры выкарысталі для ўмацавання ўласных пазіцый яе родны і стрыечны браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 г. у Вільні адбылося таемнае вянчанне закаханых. Калі пра шлюб стала вядома, супраць яго выступілі польскія магнаты і шляхта незадаволеныя ростам уплыву Радзівілаў і няроўным саюзам караля. Варожа да нявесткі была настроена і каралева-маці Бона Сфорца. Аднак Жыгімонт дамогся прызнання шлюба, пагражаючы ў адваротным выпадку адрачыся ад улады. 7 снежня 1550 г. Барбара была каранавана ў Кракаве. Яна стала першай і адзінай каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай з дому Радзівілаў, але займала трон нядоўга. Памерла 8 мая 1551 г. Некаторыя гісторыкі лічаць, што яе атруцілі. Пахавана ў Віленскім кафедральным касцёле. Хаця Барбара ніколі не была ў Нясвіжы, у шырокай свядомасці яна стала “Чорнай дамай Нясвіжскага замка” – адным з самых вядомых прывідаў Беларусі.