Каляндар падзей:

9 снежня 1759 г. адбылося першае выступленне нясвіжскай балетнай трупы пад кіраўніцтвам Луі Максіміліяна Дзюпрэ – “Балет з Арлекінам”. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў сваім “Дыярыушы” запісаў: “Упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася”. Л. М. Дзюпрэ прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае па запрашэнні Гераніма Фларыяна Радзівіла і заснаваў у Слуцку танцавальную школу. Яе выступленні так уразілі М. К. Радзівіла, што той пераманіў балетмайстра да сябе і даручыў яму рыхтаваць артыстаў з дзяцей прыгонных. Заснаванне балетнай школы, разам з музычнай, утворанай у 1751 г., сведчыла пра пераход тэатра на новы ўзровень – ад аматарскага да прафесійнага. Дзякуючы Дзюпрэ балет стаў важным кампанентам нясвіжскіх тэатральных выступленняў. Часта пасля спектакля тут паказвалі адразу некалькі балетаў. Але ўжо ў 1760 г. Дзюпрэ з’ехаў у Парыж. Пасля яго танцавальную школу ўзначальвалі Я. Аліўе (з 1762 г.), А. Лойка (з 1779 г.), Г. Петынеці (з 1780 г.). У перыяд росквіту ў трупе было больш за 20 прыгонных танцораў. Але на пачатку 1790-х гг. балетная школа, як і ўвогуле нясвіжскі тэатр, спыніла сваю дзейнасць.

9 снежня 1809 г. у Парыжы нарадзілася Стэфанія Радзівіл, дачка ХІ нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма і Тэафіліі Мараўскай. Яе бацькі ў гэты час падарожнічалі па Еўропе. У маі 1810 г. яны вярнуліся ў Нясвіж, а ў снежні Дамінік дабраахвотнікам уступіў у армію Напалеона. Ён загінуў калі Стэфаніі не была і чатырох гадоў. Маці мела скандальную рэпутацыю “вечнай каханкі” і не займалася выхаваннем дачкі. З маленства Стэфанія Радзівіл жыла ў Пецярбургу, дзе ёю апекавалася імператрыца-удава Аляксандра Фёдараўна. Атрымаўшы ў спадчыну вялізныя зямельныя ўладанні, дачка Дамініка лічылася адной з самых багатых нявест Еўропы. У 1828 г. яна стала жонкай графа Людвіка Вітгенштэйна. Неўзабаве пасля нараджэння дачкі маладыя з’ехалі за мяжу. Яны жылі ў Фларэнцыі, дзе пасля нараджэння сына Стэфанія цяжка захварэла на сухоты. Лячэнне ў Эмсе не дапамагло, і 26 ліпеня 1832 г. дачка нясвіжскага ардыната памерла, яе ўладанні перайшлі да мужа. Нягледзячы на кароткае жыццё Стэфанія пакінула адметны след у культуры. Ёй прысвячаў вершы А. Пушкін, а К. Брулаў напісаў партрэт. Некралог у памяць аб ёй з’явіўся на старонках парыжскага штодзённіка “Канстытуцыяналіст”. Яго аўтарам быў былы супрацоўнік Радзівілаўскай камісіі Я. Янушкевіч.