Каляндар падзей:

1 лютага 1733 г. памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІ Моцны. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька у гэты дзень запісаў у дзённіку: “Зранку атрымаў я вестку, што Аўгуст ІІ, дзедзічны князь Саскі і Электар, кароль і Пан наш, 36 гадоў над намі пануючы, аддаў Пану і Творцу свайму з пекнай душы дыспазыцыяй, а гадзіне 6-й зранку духа і астатняй натуры заплаціў трыбут… Гэтую страту ўсе падданыя мы аплакваем, бо добрага страцілі пана”. Пасля смерці манарха пачаўся перыяд бескаралеўя. На трон прэтэндавала адразу некалькі кандыдатаў. У якасці аднаго з іх называлі і Міхала Казіміра Радзівіла, але князь падтрымаў кандыдатуру сына памерлага, саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста. Апошні і заняў трон пад іменем Аўгуста ІІІ. М. Радзівіл асабіста ўдзельнічаў ва ўездзе новага манарха ў Кракаў і яго каранацыі 17 студзеня 1734 г. За сваю падтрымку ён атрымаў ад Аўгуста ІІІ урад надворнага маршалка (4 лютага 1734 г.) і быў уведзены ў Сенат Рэчы Паспалітай.