Каляндар падзей:

11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерніі (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) нарадзіўся Напалеон Орда – будучы мастак і кампазітар. Падчас навучання ў Віленскім універсітэце ён далучыўся да таемнага таварыства “Заране”, за што быў арыштаваны. Прымаў удзел у паўстанні 1830 – 1831 гг. Пасля паразы эмігрыраваў і доўгі час жыў у Парыжы, дзе займаўся музыкай (пісаў паланэзы, вальсы, мазуркі, рамансы і песні), літаратурай (яго пяру належаць артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны) і жывапісам. Пасля амністыі 1856 г. вярнуўся на радзіму. Зарабляў на жыццё працуючы хатнім настаўнікам, а ў вольны час вандраваў па Беларусі ствараючы замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў. Сярод яго работ некалькі выяваў Нясвіжскага палаца (знешні выгляд і ўнутраны двор), кляштара бенедыкцінак, касцёла і кляштара Святога Крыжа, палаца Брахоцкіх у Гарадзеі, Рдутлоўскіх-Гартынгаў у Снове. Памёр у 1883 г.