Каляндар падзей:

12 лютага 1548 г. у Сандаміры 33-гадовы Мікалай Радзівіл Чорны ажаніўся на 15-гадовай Эльжбеце Шыдлавецкай. Шлюб уганараваў сваёй прысутнасцю каралевіч Жыгімонт Аўгуст. Бацька Эльжбеты быў кракаўскім кашталянам, а потым – каронным канцлерам; яе часовым апекуном з’яўляўся каронны гетман Ян Тарноўскі. Такім чынам сямейны саюз умацоўваў становішча Радзівіла сярод польскай эліты. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце Мікалай і Эльжбета сталі ўзорнай парай, пражыўшы разам 14 гадоў. У іх нарадзілася пяцёра сыноў і чатыры дачкі. З усіх дзяцей толькі адзін хлопчык памёр у малым узросце, астатнія дасягнулі паўналецця. Для таго часу – часу жахлівай дзіцячай смяротнасці – гэта было сапраўдным цудам, якое сучаснікі звязвалі з набожным, цнатлівым ладам жыцця княгіні. Яна дабраахвотна перайшла з каталіцтва ў кальвінізм і зрабілася для радзівілаўскага атачэння ўзорам шляхетнай пратэстанткі, ідэалам жонкі і маці. Памерла Эльжбета ў 1562 г.